Жыхарка Светлагорска пабывала на перадачы Андрэя Малахава «Песні ад усёй душы» і падзялілася ўражаннямі

24.02.2024
Валянціна Завадская на тэлешоу спявала, танцавала і цёплымі словамі згадала родную Беларусь. Невыпадкова вядомы кампазітар і спявак Яўген Кемераўскі сказаў: «Я сяджу побач з народнай артысткай!», бо калі б лёс склаўся па-іншаму, яна стала б такой.

Цёплыя ўспаміны засталіся ў самадзейнай спявачкі пасля шоу ў Андрэя Малахава

Чакаю вас на рэпетыцыі

Песня была ў жыцці Валі заўсёды. Зусім малой узбіралася на зэдлік і гучна спявала... «Інтэрнацыянал». Ужо ў дзіцячым садку пастаянна атрымлівала прызы ў канцэртах і конкурсах мастацкай самадзейнасці. Запомніўся першы падарунак – адрэз чырвонай тканіны ў белы гарошак. Радаснай падзеяй у жыцці стала і пуцёўка ў піянерскі лагер «Артэк» за выкананне песні «Крэйсер «Аўрора». Школьныя гады – шчаслівы час, напоўнены апладысментамі гледачоў і радасцю творчасці. Музычны кіраўнік настойліва раіў паступаць у кансерваторыю, даводзіў, што мае вялікі талент, але ў лёсу былі свае планы.

Адразу пасля школы Валянціна пайшла працаваць. Неўзабаве сустрэла прыгажуна Канстанціна Завадскага, закахалася і выйшла замуж. У 1968 годзе з мужам пераехалі ў Светлагорск, уладкавалася на ЦЭС. Аднойчы бегла на працу і паціху спявала: «Здалёк доўга цячэ рака Волга». «Пачакайце, дзяўчына! – спыніў яе нейкі мужчына. – Чакаю вас сёння на рэпетыцыі а 19 гадзіне». Аказалася, гэта быў кіраўнік мастацкай самадзейнасці Палаца культуры энергетыкаў Уладзімір Савіч. Зноў у Валянціны перапляліся жыццё і песня.

Хор, клуб і народны тэатр

У выніку вытворчай траўмы і перанесенай аперацыі ў 54 гады спяваць Валянціна Завадская не магла, але стала вядучай у хоры «Спявай, душа!» і выступала ў размоўным жанры. З дапамогай кіраўніка хору Валянціны Карабанавай настойліва працавала над аднаўленнем голасу. Паступова пачала спяваць і ў хоры, і як салістка.

Дырэктар запрасіла яе на працу ў «Тандэм». На­рэшце Валянціна Рыгораўна здзейсніла даўнюю мару – працаваць у галіне культуры. Пастаянна выступала на ранішніках і карпаратывах. Прыдумляла і сама шыла сцэнічныя касцюмы. Па прапанове кіраўніка ўзялася за новую для сябе справу – стварыць клуб для пажылых людзей. На першае пасяджэнне прыйшлі ўсяго сем чалавек, але паступова колькасць наведвальнікаў павялічылася, клуб стаў папулярным. Валянціна Рыгораўна два разы ў месяц праводзіла вечары па сваіх сцэнарыях. Потым стварыла з членамі клуба канцэртную брыгаду «Натхненне», з праграмай пабывала амаль ва ўсіх аграгарадках Светлагорскага раёна. На гастролях выступала як чалавек-аркестр: арганізатар паездкі, кіраўнік, сцэнарыст, канферансье, спявачка і артыстка гутарковага жанру.

Неяк паглядзела на выступленні Завадскай рэжысёр народнага тэатра «Спадчына» Ада Кузьмянкова і запрасіла ў трупу. З першай складанай роляй місіс Пэ­дзі ў п’есе Д. Патрыка «Дзіўная місіс Сэвідж» Валянціна Рыгораўна справілася ўдала. Прыемна было чуць словы ад прафесійнага рэжысёра: «У нас у тэатры акцёрка выканала гэтую ролю горш, чым вы». Пасля былі іншыя шматлікія ролі. У спектаклі па п’есе В. Кучкінай «Сотавы» ў адной кароткай сцэне стварыла шматгранны вобраз маці. Пасля спектакля за кулісамі рэжысёр Котласкага тэатра сказала: «Вы зможаце іграць у п’есах Чэхава і Астроўскага».

«Песні ад усЁЙ душы»

Такія спевакі, як Валянціна Рыгораўна, цікавыя для творчай каманды Андрэя Малахава, таму яе запрасілі на перадачу і папрасілі выканаць песню «Цыганы едуць» гурта «Балагуры».
– Там усе па ўзросце мне ў дзеці і ўнукі падыходзяць, а ставіліся да мяне, нібы я – іх дзіця, – падзялілась уражаннямі артыстка. – На таксі давезлі да цягніка, у двухмесным купэ выкупілі два квіткі, каб ніхто не перашкодзіў адпачынку. У Маскве суст­рэлі, пасялілі з камфортам, забяспечылі смачным харчаваннем. На рэпетыцыі дапамагалі прафесіяналы. Падчас перадачы ўсе спявалі толькі жывым гукам. Панавала прыязная атмасфера і паважлівае стаўленне да кожнага самадзейнага спевака.

Да відэароліка з выступ­леннем Валянціны Завадскай 4 лютага на перадачы «Песні ад усёй душы» ў інтэрнэце шмат водгукаў. Далучаемся да іх і мы і жадаем таленавітай спявачцы здароўя, творчага натхнення, шмат гадоў радаваць яркімі выступамі з песнямі ад душы.